?

Log in

No account? Create an account

Mon, Jan. 22nd, 2007, 04:40 pm
adam_hlobus:

38,08 КБ
Aльгерд Малішэўскі "Лірычная абстракцыя"

АЛЬГЕРД

Словы пра мастака і настаўніка майго Альгерда Малішэўскага

1976. Жывапіс
Расказваць пра колеры і жывапіс Альгерд Адамавіч Малішэўскі мог бясконца, бо ўсё ягонае жыццё — адзін суцэльны аповяд пра жывапіс, пра тэмпераментны жывапіс алейнымі фарбамі на льняным палатне. “Акварэлка — чуш сабачая!” — Так ён выказваўся пра акварэль. “Што ты мажаш? Што ты ўсё мажаш? Што ты, як той Воранаў, які зьмешвае чорную фарбу з белай і не ведае, што ў яго атрымаецца!” Пра колеры, пра жывапіс Малішэўскі заўсёды выказваўся на павышаных танах. Інакш, ён лічыў, будзе не шчыра, атрымаецца не праўдзіва, выйдзе не якасна. Толькі так!

. 1976. Мянушка
Жывапісца Альгерда Адамавіча Малішэўска злыязыкія людзі перахрысцілі ў Мальберта Падрамавіча Умалішэўскага.

1976. Далі
“Вазьмі пэндзлік тонкі, як шыла, і напішы гэты зялёны гарбатнік як Сальвадор Далі. Ружовую драпіроўку празудзі так, каб Далі, убачыўшы яе, заплакаў!” Такое першае заданне я атрымаў ад Альгерда Адамавіча. Я ўзяў пэндзлі тонкі, як іголка, і пачаў выпісваць цёмна-зялёны гарбатнік і шаўкавіста-ружовую драпіроўку, а Малішэўскі з’ехаў у Парыж. Калі ён вярнуўся і паглядзеў на маё палатно, дык сказаў: “Можа быць!” Гэта была высокая адзнака, але я зразумеў, што Далі не заплача, убачыўшы мой просценькі вучнёўскі нацюрморт.

1976. Парыж
Спачатку па мастацкай вучэльні ляцела чутка: “Альгерд едзе ў Парыж!” Каму іншаму зайздросцілі б, а Малішэўскаму не зайздросцяць. Ён варты Парыжу, бо Парыж варты Малішэўскага. Ён вернецца і распавядзе нам — вучням сваім — пра Луўр, пра Арсэ, пра Манэ, пра… Калі Альгерд з’ехаў у Парыж, мы чакалі цэлы месяц. Альгерд зайшоў у студыю, сеў на крэсла, закінуў нагу на нагу і сказаў: “Яшчэ раз з’езджу ў Парыж, і можна паміраць…”

1976. Вучэльня
Вучыцца жывапісу і кампазіцыі ў Альгерда Малішэўскага лічылася за вялікі гонар. У Менскай мастацкай вучэльні ён быў выкладчыкам нумар адзін. Блізу трыццаць гадоў ён быў выкладчыкам нумар адзін. Мяняліся моды, мяняліся павевы, мянліся куміры, а ён заставаўся першым. Гэта важна, каб вучэльня мела аўтарытэтных выкладчыкаў. І яшчэ больш важна, каб была іерархія з асобаю нумар адзін. Пад час маёй вучобы Меская мастацкая вучэльня — гэта Малішэўскі. І хай сабе наша вучэльня насіла імя скульптара Глебава, усе ведалі і ведаюць дагэтуль, што яна павінна была б называцца імя Малішэўскага. Так было б справядліва, але назвы рэчаў у большасці сваёй вельмі далёкія ад іх зместу і формы. Змястоўныя формы жывуць сваім, асобным ад назоваў, жыццём. Так менская мастацкая вучэльня жыла талентам Малішэўскага.

1976. Беднасць
Альгерд насіў цёмныя касцюмы і светлыя кашулі пад гальштук. Заходняя ганарыстасць і кропля польскай крыві вылучалі яго сярод нашых мастакоў. Ён быў падкрэслена шляхетны, рацыянальна злы, відавочна заможны сярод таталітарна-савецкай беднасці. Мы жылі ў краіне, дзе на словах шанаваўся матэрыялізм, а насамрэч дзяржава была наскрозь ідэялагічная і ідэалістычная. Грэблівае стаўленне да ўсялякага дабрабыту, да ўсяго цялеснага, да ўсіх рэчаў наогул культывавалася паўсюдна. На гэтым брудна-жабрачым тле чалавек у касцюме, пры гальштуку і дарагіх дагледжаных чаравіках быў выклікам. Мне падабаўся гэты выклік. Падабаўся тады і цяпер, праз трыццаць гадоў падабаецца.

1976. Дактары
Альгерд напісаў некалькі вялікіх палотнаў з партрэтамі дактароў. Манументальныя, суворыя, урачыстыя, як апосталы, як апосталы на фрэсках Джота, яны ўражвалі спакойнай веліччу. Малішэўскі паміраў, а дактары ўратавалі яго, падарылі яму другое жыццё. Ён, удзячны за выратаванне, напісаў іх партрэты. Станоўчы вобраз доктара ў мастацтве і літаратуры сустракаецца не часта. Зазвычай, калі доктар, дык абавязкова Фауст, абавязкова алхімік і цемрашал, калі доктарка, дык алхімера. Альерд убачыў у дактарах апосталаў і намаляваў дактароў-апосталаў, гэта быў пераканаўчы ход.

1977. Падарункі
“Нікому не дары свае карціны! Чуеш? Нікому і ніколі не дары свае палотны. Здаецца, разумны чалавек просіць у цябе карцінку… Ты адмаўляеш, а ён просіць і просіць. Ты ж ведаш, што жывапіс ён насамрэч не любіць, а толькі ўмее выпрошваць рэчы. І ты дорыш яму карціну. Раму робіш харошую, а потым урачыста перадаеш палатно ў “добрыя” рукі. А ён прыходзіць дадому, і вешае тваю карціну на кухні, над плітою. Ягоная жонка смажыць бульбу з салам і нават не глядзіць на тваю каціну. Праз пару месяцаў палатно пачарнее і зарасце тлушчам і пылам. Карціны нікому не дары!” — вучыў Малішэўскі. Правільна вучыў, але я ўсё адно раздорваў і раздорваю свае малюнкі і карціны. Пэўна, вакол мяне шмат людзей, якія ўмеюць доўга прасіць.

1977. Акадэмія
“Памятай, яны не прыймаюць у сваю Пухавіцкую акадэмію мастакоў разумнейшых за сябе. Як толькі яны ўбачаць, што ты разумнейшы за іх, табе каюк, цябе не возьмуць. Таму на іспытах зрабі ўсё кепска, зрабі так, як яны любяць, зрабі горш, чым ты можаш, і тады ты паступіш у Пухавіцкую акадэмію. А калі паступіш, калі цябе залічаць, вось тады ім і пакажаш усё, на што здатны. Пакажаш ім, чым адрозніваецца Пухавіцкая акадэмія ад Парыжскай школы!” Параду Малішэўскага я выкарыстаў і паступіў з першага разу ў тэатральна-мастацкі інстытут — нашу Пухавіцкую акадэмію. Толькі гэтая парада адрасавалася не столькі мне, колькі самому Альгерду Адамавічу. Па вучэльні ўвесь час хадзілі чуткі, што Альгерда запрасілі выкладаць у інстытуце, і з наступнага навучальнага года ён туды пяройдзе. Але ён туды так і не перайшоў. Лепш быць першым у вучэльні, чым другім ці двадцаць другім у акадэміі, тым больш, што ў акадэміі не было першага. Там было шмат выдатных выкладчыкаў, але першага не было.

1977. Більдачкі
“Усе любяць Парыж! Усе любяць імпрэсіяністаў! А я з’ездзіў у Балгарыю і палюбіў балгарскіх жывапісцаў. Так-так, яны малавядомыя і зусім не геніяльныя, яны жывуць у маленькіх гарадках і пішуць невялікія більдачкі. Іх палотны памерам меншыя за метар. А на розныя святы яны выстаўляюць свае більдачкі проста на плоце. Мастак вешае на плот некалькі сваіх карцін, і кожны можа іх паглядзець. І няма ніякіх урадавых камісій і мастацкіх салонаў, няма ацэначных і закупачных гвалтаў і спрэчак… Я хацеў бы стаць балгарскім жывапісцам, які піша карціны для сябе і сваіх гледачоў…” Гэтае прызнанне Малішэўскага мяне зусім не зьбянтэжыла. Я заўсёды высока цаніў сваеасаблівы каларыт балгарскага мастацтва. І я не сумняваўся, што большасць карцін Малішэўскага напісана без уліку эстэтыкі савецкіх салонаў і меркаванняў саўдэпаўскіх чыноўнікаў. А самае галоўнае, я і тады верыў, што надыдзе час, калі мастакі змогуць пісаць і выстаўляць тое, што самі захочуць.

1977. “Дэман”
“Ты кажаш — мы кепска жывем? У нас забараняюць фармальныя пошукі і мадэрнізм? У нас нельга пісаць абстрактныя карціны? Чуш сабачая! Ты не ведаеш, як яны могуць усё забараніць! Яны могуць забараніць не толькі Шагала з Далі, яны могуць забараніць нават згадку пра геніяльных мастакоў! Калі я вучыўся ў Харкаве, мой выкладчык жывапісу клікаў мяне ў калідор, аглядаўся, каб нікога не было побач, ціхенька даставаў паштоўку з карцінаю “Дэман” Міхаіла Ўрубеля і казаў: “Урубель — геніяльны мастак, геніяльны! Паглядзі, паглядзі…” Я хвіліну разглядаў паштоўку, што ляжала на ягонай далоні. Паштоўка хавалася ў кішэню, і выкладчык хуценька сыходзіў. Ты ведаеш, як у яго трэслася рука з паштоўкаю? Ты ведаеш, які паўсюль быў страх? Не! Вось і не кажы, што табе нешта забараняюць і штосці там не даюць зрабіць!” — казаў мне Альгерд. Так, і сапраўды страху ў паветры ўжо не было, але быў пыл застою. Паўсюль панаваў ілжывы кансерватызм з лісьліваю лаяльасцю да геранталагічнай улады. Камуністы ўжо здагадаліся, што камунізм на зямлі не пабудуецца, што іх ідэя падобная да пабудовы Вавілонскай вежы. Але разважаць на такія тэмы можна было толькі ў пустым калідоры.

1977. Адам з Евай
Выконваючы заданне па кампазіцыі, я намаляваў мужчыну і жанчыну пад дрэвам. Яны стаялі спіна да спіны. На маленькім квадраціку паперы сіняй шарыкавай ручкаю я намаляваў, як мне падавалася, матыў разьвітання. Зусім іншае пабачылася ў малюнку настаўніку Альгерду Адамавічу. “Ведаеш, што ты намаляваў? Не адказвай, бо не ведаеш. Ты намаляваў рай, намаляваў Адама і Еву, намаляваў іх цноту. Ты пра гэта і не здагадваўся, калі крэмзаў ручкаю па паперы. Нідзе ў мастацтве я не сустракаў, каб нехта маляваў Адама і Еву спіна да спіны. Беражы гэты матыў, такія кампазіцыі прыдумляюцца раз за жыццё, а можа і зусім не прыдумляюцца. Ты яшчэ шмат разоў вернешся да гэтага малюнка…”

1977. Булачка
Альгерд Адамавіч мяне любіў. Ён запрашаў мяне дамоў, не ў майстэрню, а дамоў па-бацькоўску. “Я жыву над кафэ “Вавёрачка”!” Мне запомнілася інтанацыя, з якой ён сказаў “вавёрачка”. Часам, і праз трыццаць гадоў я чую ягоны голас, я чую запрашэнне: “Я жыву над кафэ “Вавёрачка”. Тады мяне сустрэў гучны брэх маленечкага чорнага цуцыка. “Я сабачак не люблю, а жонка завяла і даводзіцца трываць!” — Альгерд нагою адсунуў сабачку ад дзвярэй. Ён доўга і ўважліва разглядаў мае малюнкі, а потым сказаў: “Ты — малявальшчык. Ты павінен займацца кніжнай графікай. Табе не трэба пісаць карціны. Ты павінен працаваць з кнігамі. Той, хто працуе з кнігамі, заўсёды есьць булачку з маслам…” Я не паслухаўся Малішэўскага, і мы пасварыліся. Я сказаў, што буду пісаць карціны, буду паступаць на манументальны жывапіс, буду… Ён сказаў, што ў такім разе адмаўляецца мяне вучыць. Ён быў мудры чалавек, ён бачыў далёка наперад, бачыў, што мой лёс знітаваны з кнігамі, а я ў той момант не даацаніў і не зразумеў яго. Шкада! Ён быў першы, хто безапеляцыйна сказаў, што мой лёс — кніга.

1977. Табурэтка
Расказваючы пра Малішэўскага свайму былому выкладчыку кампазіцыі Кіму Шастоўскаму, я паскардзіўся на грубасць Альгерда. “Цяпер ён спакойны, вось раней ён быў вельмі шумны. Прыходзіў у студыю, ставіў пасярод яе табурэтку, уздымаўся на яе і з-пад столі глядеў, як студэнты пэцкаюць палотны. Ён і так высокі, а ўяві яго на табурэтцы. А як ён крычаў?! “Што ты шкрэбаеш і грабеш, як курыца лапаю! Мякчэй трэба, лягчэй! А ты што ліжаш і ліжаш сваё палатно? Зараз заліжаш так, што адтуль чорт выскачыць!..” У нашай студыі Альгерд не ўскокваў на табурэтку, але крычаць крычаў: “Ты, ты, я табе кажу, барон Агафоненка, вазьмі сваю карцінку, занясі на трамвайны прыпынак, акуратна пастаў каля сьметніцы, а сам хуценька-хуценька ўцякай, а калі цябе зловяць і скажуць забраць сваю паганую карцінку, ты не прызнавайся, што яна твая! Ты крычы — не мая, не мая!!!” Прывыкнуць да крыкаў Малішэўскага было не магчыма. “Ты, графіня Роберман, напэўна не выспалася, напэўна ўсю ноч лётала за хлопцамі на памяле, а цяпер спіш! Дзе ты бачыш сіні колер? Што ты мажаш сінімі саплямі, калі трэба мазаць зялёнымі! Я табе кажу — трэба зялёнымі, а не сінімі, тады і ружовы стане на месца!” І так я слухаў Альгерда па тры разы на тыдзень цэлы год, і шкадаваў, што ён не заскоквае на табурэтку.

1977. Схаваныя карціны
Выслухваць парады і заўвагі Альгерда было настолькі цяжка, што мне давялося прыдумаць адпаведную схему паводзінаў. Палатно, над якім працаваў, я не адразу паказваў Малішэўскаму. Спачатку: я распачынаў працу яшчэ над некалькімі карцінамі, а паказваў яму папярэдняе, амаль завершанае палатно. Ён яго крытыкаваў, я спакойна ўлічваў абразлівыя заўвагі, бо думаў пра новыя таемныя карціны. Такія паводзіны скончыліся скандалам. Калі выкладчыкі сабраліся абмяркоўваць эскізы маёй дыпломнай работы, Малішэўскі сказаў: “Ён вас слухаць не будзе. Вы будзеце тут гаварыць, а ён будзе смяяцца з вас і думаць пра палотны, што стаяць у яго дома, на мальберце!” Выкладчыкі пачалі пытацца ў мяне, ці праўду кажа Альгерд. Гэта была пастка. Сказаць, што Альгерд ілжэ, я не мог, бо скандал стаў бы яшчэ большы; сказаць, што ён мае рацыю — нашкодзіць сабе. Я выбраў варыянт праўды. Выкладчыкі папрасілі прывезці ўсе праекты дыпломных карцін. Я прывёз яшчэ два, і Малішэўскі сказаў, што я ўсё адно не ўсё паказваю. Тут я пачаў ілгаць, бо не бачыў сэнсу прыніжацца яшчэ больш. Сказаў, што прывёз усё, што маю. Зрэшты, мой жывапіс і мае малюнкі мяне цікавілі больш, чым адзнакі выстаўленыя нейкімі там выкладчыкамі. Гэта прынцып схаванай карціны я перанёс і на сваю іншаю творчасць.

1977. Рэўнасць
Адна з асноўных прычынаў нашага разыходжання з Альгердам была рэўнасць. Звычайная, банальная і прымітыўная рэўнасць да посьпеху ў жанчын. Пачалося ўсё з Алены Шыдлоўскай. Смугласкурая Алена закручвала адзін раман за другім. Яна спала з Алесем, потым спала з Уладзімірам, потым з Ігарам… Я не спаў з Шыдлоўскай, я яе маляваў аголенай. Чаму мы не спалі? Не скажу дакладна, але, хутчэй за ўсё, з-за маёй страсці да малявання. Я маляваў Шыдлоўскую гадзін дзесяць. Зрабіў вялікі малюнак алоўкам, і вельмі ганарыўся гэтай штудыяй. Шыдлоўская стаяла голая на двух сталах, пад самай столлю, а я маляваў і маляваў. Я намаляваў яе і страціў цікаўнасць да спакуслівага цела, а яна страціла цікаўнасць да мяне. А вось Малішэўскі на мяне насварыўся з-з гэтага малюнка. Ён сказаў, каб я нікому яго не паказваў, зняў са сцяны і ніколі нікому не паказваў, бо ён парнаграфічны. Я здымаў малюнак, калі Альгерд сказаў: “Паглядзіце на яго… Ён здымае малюнак і плача! Здымае і плача!!!” Я не плакаў, я зліўся. “Ну што ты на мяне ваўком глядзіш?” Я не адказаў, зняў малюнак і сышоў са студыі. І без гэтага малюнка мне паставілі “выдатна” па маляванню, але злосць на Альгерда доўга не праходзіла. На тую злосць наклалася і наступная, калі ён запрасіў да сябе ў майстэрню Жану. Наша Жана спала са мною, з Алесем, з Уладзімірам і… З кім толькі не спала наша белацелая Жана, але з Альгердам яна спаць не захацела. “Ён узяў мяне за цыцку, і я ўбачыла, што ён стары, ён зусім стары!” Жана паскрдзілася на Альгерда мне, Алесю і Ўладзіміру. Як даведаўся Альгерд пра яе скаргі, не ведаю, але неяк даведаўя, і між мной і Малішэўскім пачалі дзьмуць халодныя проймы недаверу. У каго з нас было больш рэўнасці? Не скажу, бо не ведаю, як тую рэўнасць вымяраць, але рэўнасць сапсавала, прынамсі, моцна пахіснула, нашыя стасункі. А самае кепскае, што ні Алену, ні Жану я ў той час не любіў.

1977. Японцы
Савецкая дзяржава купляла карціны ў савецкіх мастакоў, як і раманы ў раманістаў, а песні ў песняроў. Савецкі творца меў права на ўзнагароджанне (часам і грашовае), але гэтае ўзнагароджанне (нават і грашовае) не з’яўлялася цаной карціны, рамана або песні, бо ўсе творы, зробленыя савецкімі людзьмі, належылі дзяржаве БССР. Так яно было, і ніхто асабліва не пераймаўся і не абураўся. Але тут прыехалі японцы і купілі ў Альгерда карціну “Нарач. Спакой”. Выдатны краявід. Спакойны, лірычны і… таямнічы! Бо ў гіперрэалістычную выяву былі ўпісаныя некалькі ружовых плям. Іх з’яўленне, значэнне і неабходнасць Альгерд нікому не тлумачыў. Сасна стаяла на фоне светлага возера, а з неба падалі кавалкі анёльскай ружосці. Японцы набылі “сасну”. Нейкія грошы дасталіся і Малішэўскаму. Хутчэй за ўсё 10% ад сумы, заплочанай пакупнікамі. Такая была завядзёнка. Альгерд спачатку парадаваўся, але потым даведаўся, што японцы панакуплялі вучнёўскіх кравідзікаў-эцюдзікаў у Масленікава і Маскоўскіх. Тады ён спакойна зрабіў аўтарскую копію “Нарач. Спакой” і прадаў у Беларускі дзяржаўны музей.

1977. Новая майстэрня
Не бывае ў жывапісца лепшага свята за пераезд у большую і святлейшую майстэрню. Малішэўскі атрымаў вялікую і сонечную майстэрню ў новым, збудаваным спецыяльна для мастакоў доме. Зладзіць пярэбары са старой майстэрні ў новую ён запрасіў сваіх студэнтаў. Усе пайшлі, са спадзяваннямі на пачастунак, а я не пайшоў. Адносіны ў нас ужо былі напружаныя, ды і выпіваць з выкладчыкамі, калі сказаць шчыра, я не любіў. А выпіўкі, на якую так спадзяваліся мае аднакурснікі, не было. Пасля пярэбараў, Малішэўскі падсмажыў яечню, пакарміў змораных хлопцаў і выставіў іх за парог. Правільна, між іншым, зрабіў, па настаўніцку. Студэнты напіліся без Малішэўскага, што таксама правільна. Напіліся так, што не прыйшлі зраніцы на заняткі, але і Альгерд не прыйшоў, бо не бывае ў мастака большага свята за пераезд у большую майстэрню.

1977. Мальберт
Да мяне падыйшоў сябра мой – Мішка Нацэўскі і папрасіў дапамагчы яму скрасці ў вучэльні мальберт. Сябра просіць! Як тут не дапамагчы? Вынеслі мы новенькі мальберт з вучэльнай мансарды, спыніліся перакурыць за гаражамі, тамака я і спытаўся: “Нашто табе, Міш, мальберт?” – “Мне? Не трэба мне гэты мальберт… Мяне Малішэўскі папрасіў прынесці яму мальберт у новую майстэрню. А мальберт цяжкі…” – “Ён што, не можа сабе купіць мальберт?” – “Сказаў, што нейкія тэрміновыя замовы, што трэба хутка здаваць карціны, а мальбертаў у горадзе няма… Ты што не панясеш Малішу мальберт?” – “Панясу. Трэба, значыць трэба. Толькі калі нас заловяць за крадзёж дзяржаўнай маёмасці, Маліш нам не дапаможа!” – “Не заловяць. І ён сказаў, што толькі пазычае мальберт…” Мы валаклі мальберт з Даўгабродскай ажно на Друкарскую. Стаміліся страшэнна. І мальберт, калі яго доўга нясеш, аказваецца вельмі цяжкай рэччу. А мо ён быў такиі цяжкі бо крадзены?.. Прынеслі, паставілі пад дзвярыма майстэрні, пазванілі. “А-а-а, прынеслі!” – сказаў Маліш, забраў мальберт і зачыніў дзверы. Ні “дзякуй”, ні “да пабачэння”. Ці вярнуў ён той мальберт у вучэльню, я не ведаю, зрэшты, не ён яго краў, а я з сябрам сваім Нацэўскім. Хацеў было напісаць, што раскайваюся. Не напісаў, бо не праўда.

1977. Выстаўкам
Выстаўкам — савет з чыноўнікаў і мастакоў, які вырашаў, што з твораў можна паказваць на выставе, а што не можна. Выстаўкам даваў яшчэ і парады па дапрацоўцы твораў. Мастакі выстройваліся ў доўгія чэргі і з хваляваннем чакалі дазволу на паказ сваёй працы гэтаму выстаўкаму. Чальцы выстаўкаму здзекваліся над калегамі: прымушалі перафарбоўваць рамы, перамалёваць твары, перапісваць краявіды… Наколькі гэта падвышала ўзровень тагачаснага мастацтва? У пэўных межах, канешне, падвышала, але толькі ў дазволеных межах. Усё, што было горшым за агульна прыняты стандарт, выстаўкам не прапускаў, але і лепшае не прапускалася, не прапускаліся і эксперыментальныя працы. Такі задоўгі ўступ неабходны, каб зразумець наступныя словы Альгерда: “Я дасягнуў такога ўзроўню, што проста прыношу на выстаўкам палатно і сыходжу! А потым яны мне звоняць, што купілі карціну, і я іду і атрымліваю ганарар…” Збольшага так яно і было, але было і па-рознаму, тады Альгерд спакойна казаў: “Не вельмі і хацелася!”

1977. Кіно
“Кіношнікі нічога не разумеюць пра жыццё мастака. На фільм “Андрэй Рублёў” можаш не хадзіць і не глядзець. У іх Рублёў не малюе… Ён у іх ходзіць, маўчыць, псіхуе… Што толькі не робіць іх кіношны Рублёў, усё, акрамя таго, што малюе… Яны не ведалі, як паказаць асноўнае – ягоную працу. Тады нашто было здымаць фільм пра Рублёва? Ну назаві ты таго кіношнага Рублёва Феафанам Грэкам і нічога ў фільме не памяняецца…” Спрачацца з Малішэўскім я не стаў, і не таму, што мне не спадабаўся фільм Андрэя Таркоўскага, які я паглядзеў у Саюзе пісьменнікаў, куды яго правез рэжысер, шукаючы падтрымкі ў творцаў, каб атрымаць дазвол на паказ “Рублёва” у кінатэатрах. Спрэчак і так хапала. Я спытаў, а што варта паглядзець: “Вазьмі Жану Башук, вазьмі Галю Роберман і звадзі іх на “Старое ружжо”!” І я пайшоў і паглядзеў “Старое ружжо” з Нуарэ і Шнайдэр. Сюжэт? У 1944 годзе французскі лекар губляе жонку і дачку. Дзіця застрэлілі, а жанчыну згвалцілі і спалілі агнямётам. Апалітычны і гуманны лекар пераўвасобіўся ў жорсткага мсціўцу. Помсцячы, ён забіў больш за дзесяць фашыстаў-гвалтаўнікоў. “Такім павінен быць мужчына, так трэба здымаць кіно!” — казаў мне Альгерд. Яго можна было зразумець, бо аператар рабіў варыяцыі на тэмы Дэлакруа, Рэнуара, Сіслея, Рэмбранта… Фільм атрымаўся жывапісны. Асобныя кадры чымсці нагадвалі карціны самога Малішэўскага, а галоўны герой меў Альгердаву мужнасць.

1979. Алкаголь
Альгерд Малішэўскі не піў. Шклянка віна ці чарачка лікёру – і ўсё. Для мастакоўскага асяроддзя нехарактэрная з’ява. Калі ўсе навокал п’юць, а ён не п’е, гэта выклікае асуджэнне. Толькі не з Малішэўскім. Яму дазвалялася не піць, як іншым дазвалялася піць запойна. Канешне, я лічыў, што мне можна піць, напівацца і скандаліць. Маўляў, таленту ў мяне хапае, і мае скандалы, бойкі і лаянкі даруюцца. Я піў… І ў такім п’яным, да пахіствання, стане сутыкнуўся ў горадзе з Малішэўскім. Я павітаўся. “Мне сказалі, што ты п’еш і скандаліш. Сказалі, што б’ешся і хуліганіш, а я не паверыў. Цяпер, бачу — дарэмна не верыў. Табе нельга піць. У цябе ёсць талент, і ты не маеш права яго змарнаваць!” Я пачырванеў. Мне было сорамна, вельмі. І яшчэ я зразумеў, што ў мяне недастаткова таленту, каб даравалі ўсе скандалы.

1985. Забароненая выстава
Справа мастака рабіць творы і ладзіць выставы А ёсць яшчэ і дзяржаўныя чыноўнікі, якія абцяжараны абавязкам праглядаць творы і забараняць выставы. Цэнзура была, ёсць і будзе. Наіўна было б спадзявацца, што яе нехта некалі адменіць раз і назаўсёды. Цэнзура яшчэ ўвесь час і мяняе свае абліччы: з палітычнай яна перакідваецца ў эканамічную, з грашовай у рэлігійную… І кепскі той мастак, які не можа падмануць і абыйсці цэнзара-чыноўніка. Я – мастак кепскі, у мяне ўсё жыццё праблемы з цэнзарамі. Тут не так намаляваў, там не тое сказаў, гэтага абразіў, той закрыўдаваў. Маю творчасць забаранялі, забараняюць і будуць забараняць. Не магу сазаць, што да этага можна прывыкнуць. Больш за тое, забараняецца ж не ўся творчасць, а толькі асобныя творы, дзякуй Богу. Мне часам нават здаецца, што калі мой твор не забаранілі і жорстка не пакрытыкавалі, дый ён нейкі і не завершаны, і не дароблены. Цяпер я кажу пра гэта ўсё з лёгкім сэрцам, а быў момант, калі мне жыць не хацелася з-за падобных забаронаў… Аднойчы, у восеньскім парку Люда Русава прапанавала мне паўдзельнічаць у выставе. Сабраліся мы – шэсць мастакоў і развесілі свае карціны ў “Доме літаратара”. Назапрашалі мы сяброў, панавешвалі ў горадзе плакатаў. Паэт Танк і празаікі Карамазаў са Стральцовым папярэдне паглядзелі палотны і нават пахвалілі нас. Але за дзве гадзіны да адкрыцця нашай невялікай выставы “1+1+1+1+1+1=6” прыпаўзлі чыноўнікі. Яны выклікалі міліцыю, а тая не пусціла на выставу ніводнага чалавека, а нас прымусіла карціны паздымаць. Чалавек пяцьсот сабралася каля “Дому літаратара”, але чыноўнікам было напляваць на меркаванне Танка, Карамазава і Стральцова, не кажучы пра нашае меркаванне. Пяць забароненых мастакоў: Люда Русава, Ігар Кашкурэвіч, Жэня Ліс, Эдзік Куфко і Сяргей Малішэўскі пайшлі ў майсэрню Валеры Мартынчыка, каб заліць сваё гора віном, а я пайшоў дамоў. На маю забароненую выставу наклалася яшчэ адна забарона. Калі я выйшаў з “Дому літаратара” зачыненага міліцыянтамі, да мяне падыйшоў Дранько-Майсюк. Ён даў мне папку з маімі вершамі і сказаў, што маю кнігу “Груд” забаранілі, што цэнзар не паставіў нейкі там дазваляльны штампік, што ў бліжэйшыя гады са тры выдаваць мяне не будуць нідзе. Свет зчарнеў. Дома я выпіў гарэлкі, але свет не палагаднеў. Ён пасвятлеў толькі пасля званка Люды Русавай, якая паведаміла, што нам дазволілі развесіць карціны ў саюзе мастакоў на дзве гадзіны. У гэтыя дзве гадзіны збяруцца ўсе паважаныя мастакі і скажуць нам, што яны думаюць пра наш жывапіс. Мастакоў сабралася шмат. Хто толькі не асудзіў нас. І Заір Азгур з Міхаілам Савіцкім, і Анатоль Анікейчык з Уладзімірам Стэльмашонкам… Нас асудзілі ўсе, акрамя Альгерда Малішэўскага. Ён нас пахваліў за мужнасць. Ён, той хто амаль ніколі нікога публічна не хваліў, узяў і пажадаў нам не здраджваць мастацтву. Канешне, ён бараніў не толькі і не столькі нас, колькі самога сябе і свой жывапіс, але ад гэтага ягоныя словы, сказаныя ў нашую абарону, не становяцца менш каштоўнымі і дарагімі, прынамсі, для мяне – ягонага непаслядоўнага вучня.

1989. Вакзалы
Альгерд памёр на вакзале. Ці то некага сустракаў, ці то кагосьці праводзіў… Упаў і памёр. Мне бачыцца гэтае нечаканае падзенне вялікага чалавека. Бачыцца блакітны сполах на тварах выпадковых сведкаў…

1989. Акуляры
У труне Альгерда было не пазнаць. Я прывык да акуляраў на ягоным твары, а без акуляраў ён стаў для мяне амаль непазнавальны, чужы. І я развітаўся хутчэй з фотаздымкам, чым з целам. Я развітаўся з выяваю, з выяўленчым мастацтвам, якому Альгерд Адамавіч ахвяраваў сваё жыццё дарэшты.

2006. Партрэт сына
Альгерд Малішэўскі напісаў партрэт сына ў суровым стылі. Гэты хутка зроблены эцюд, безумоўна, адна з найлепшых работ у спадчыне Малішэўска. Маленькі хлопчык глядзіць на свет вялікімі цёмнымі вачыма. Хлопчык вырас, стаў мастаком, зрабіўся вельмі самабытным жывапісцам-казачнікам, але ўсе яшчэ не сабраўся напісаць партрэт бацькі.

Fri, Mar. 2nd, 2007 06:24 pm (UTC)
voranau: Чорны і Белы

"Што ты, як той Воранаў, які зьмешвае чорную фарбу з белай і не ведае, што ў яго атрымаецца!" - я спадзяюся гэта не пра мяне. Бо я чорнай з белай ніколі ня зьмешваю. Адразу купляю шэры. :) www.voranau.com

Fri, Mar. 2nd, 2007 07:48 pm (UTC)
adam_hlobus: Re: Чорны і Белы

Трэба будзе зноску даваць... Воранаў Натан Майсеявіч (1916-1987) )